Сёньня ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі Народныя сходы грамадзян з сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Каля тысячы чалавек прыйшло на мясцовы сход у парк ля плошчы Бангалор у Менску. Яны мелі з сабою бела-чырвона-белыя сьцягі і сьцягі Эўразьвязу, траспаранты з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў і паляпшэньнем эканамічнага стану грамадзян.
За гадзіну да сходу ваколіцы плошчы Бангалор былі запоўненыя аўтобусамі са спэцназам і аўтазакамі, а пляцоўка для сходаў ў цэнтры парку – загароджаная. Сотні людзей адмовіліся ісьці за загародку, арганізатары ўтварылі імправізаваную трыбуну на фантане з бусламі. Гукаўзмацняльную апаратуру і ўлёткі перад сходам затрымала міліцыя, таму выступоўцы выкарыстоўвалі мэгафон. У першую чаргу выступоўцы зьвярталі ўвагу на сацыяльныя праблемы. Рабочыя ня маюць за што схадзіць у сталоўку, заявіў адзін з арганізатараў сходу старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:
??»Вы што, хочаце галодных бунтаў? Калі заўтра зьявіцца новы Валэнса на трактарным ці на МАЗе, яму не патрэбныя будуць пракуратура і МУС. Будзе іншая ўлада! Народ стаміўся ад абяцаньняў, ён не разумее, што робіць урад… Я гатоў сёньня сам сесьці за краты, але каб жыцьцё заўтра стала лепшым «.
Сярод тых, хто прыйшоў на народны сход, быў і былы палітвязень Зьміцер Дрозд, які згадаў тых, хто і цяпер застаецца за кратамі:
«Зьмяніць сытуацыю можна толькі адным спосабам – гэта новыя выбары. І на гэтых выбарах ня можа прысутнічаць кандыдат па прозьвішчы Лукашэнка. Ён свой давер ужо страціў. Я ведаю, што зараз ні Саньнікаў, ні Статкевіч, ні Дашкевіч не могуць нас ні чуць, ні бачыць. Я вельмі хачу, каб кожны сказаў бы хаця б у думках, калі няма сілы крыкнуць: хлопцы, трымайцеся, мы разам і мы пераможам».
Сход на прапанову арганізатараў ухваліў рэзалюцыю з патрабаваньнямі да ўладаў: спыніць рост цэн, індэксаваць заробкі, пэнсіі, стыпендыі адпаведна росту цэн з пачатку года, скасаваць прымусовую кантрактную сыстэму.
Віктар Івашкевіч выступіў с патрабаванньнямі вызваліць усіх палітвязьняў і рэабілітаваць іх у правах, правесьці новыя свабодныя выбары пад кантролем АБСЭ.
Сход даручыў арганізатарам у панядзелак перадаць гэтыя патрабаваньні ва ўрад. Людзі падтрымалі прапанову рыхтавацца да новага сходу 12 лістапада, каб пачуць, якім будзе адказ уладаў.
Віктар Івашкевіч гэтак падсумаваў сёньняшні народны сход:
«Сёньняшняя акцыя – гэта пачатак. Летам былі маўклівыя акцыі. Сёньня акцыя была ясная, публічная, з ясна сфармуляванымі патрабаваньнямі, адкрытая. І я думаю, што тое, што мы адкрыта патрабуем свае правы, будзе прыкладам для тых людзей, якія сёньня пабаяліся сюды прыйсьці. Гэта прыклад, што так трэба рабіць, толькі кожны раз нас болей павінна быць».
Сёньня не варта зацыклівацца на колькасьці тых, хто прыйшоў на акцыю. Такое меркаваньне выказаў у размове з журналістамі лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Паводле яго слоў, на сёньняшнюю акцыю прыйшлі, у асноўным, актывісты апазіцыйных арганізацый. «Але гэта — толькі пачатак, — падкрэсліў палітык. — Зараз нам неабходна інфармаваць людзей аб становішчы ў краіне, каб наступны сход, праз месяц, быў больш шматлікім. Гэта можа адбыцца, бо людзі моцна незадаволеныя сітуацыяй у краіне ».
Народны сход у Менску прайшоў без масавых арыштаў, міліцыя ў канцы акцыі затрымала каля дзясятка анархістаў. Віктар Івашкевіч заявіў на конт гэтага:»Тое, што міліцыя не пайшла на разгон, кажа аб тым, што ўлады разумеюць: разгонам грошай у бюджэт не атрымаеш. Колькі палкай апазіцыянера па галаве не бі, ад гэтага даляры не пасыпяцца. Гэта — галоўная прычына, якая вымушае ўлады дзейнічаць стрымана і не рабіць масавых рэпрэсій. Нам трэба скарыстацца такім момантам».
По материалам: Радыё свабода