Народны сход на Захадзе

Выкарыстоўваючы нагоду Народнага сходу, беларусы Бэльгіі і Францыі правялі пікет у падтрымку палітзьняволеных у Беларусі. Бруклінскія беларусы правялі “Ню-Ёркскі Народны сход”. Канадзкія беларусы таксама выказалі салідарнасьць з тым, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў.

На плошчы Шумана ў Брусэлі сабралося каля 25 чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, якія раздавалі мінакам інфармацыйныя бюлетэні пра сытуацыю ў Беларусі.

«Было распаўсюджана каля 500 асобнікаў бюлетэня на францускай, нідэрляндзкай, ангельскай мовах. І калі людзі бачаць бел-чырвона-белыя сьцягі, яны ўжо кажуць: «А, беларуская апазыцыя!», – расказаў Свабодзе кіраўнік Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня Зьміцер Піменаў.

“Бруклінскі аддзел Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА) сёньня запрасіў сваіх сяброў сабрацца на сход у царкве сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне дзеля таго, каб правесьці «Нью-Ёркскі Народны сход» у знак падтрымкі таго, што сёньня адбываецца ў Беларусі,» – распавёў сакратар БАЗА Юрась Зянковіч.

“Нягледзячы на тое, што мы жывем далёка ад Беларусі, мы адчуваем сабе часткай беларускага народу, далучаемся да Сходу і верым у тое, што парасткі дэмакратычнага руху, якія так заўзята стараецца выкараніць пануючы рэжым, паднімуцца і дадуць плён,” – гаворыцца ў звароце Згуртаваньня беларусаў Канады.

Читайте нас в: